Унікальная падзея чакае беларускага слухача: 2 кастрычніка ў Мінску ў канцэртнай зале «Верхні горад» на адной сцэне выступяць двое праслаўленых маладых беларускіх выканаўцаў - піяніст Кірыл Кедук і віяланчэліст Іван Карызна.
На дваіх, яны лаўрэаты больш за 25 музычных конкурсаў, а геаграфія іх канцэртаў ахоплівае больш за 30 краін свету. Яны з'яўляюцца гасцямі самых прэстыжных пляцовак планеты, такіх як Steinway Hall у Нью-Ёрку, Salle Pleyel уПарыжы, Concertgebouw у Амстэрдаме, Mozarteum у Зальцбургу, Sala Verdi ў Мілане, Palais de Bozar у Брусэлі, Hamarikyu Asahi Hall у Токіо. Артысты саліравалі з аркестрамі сусветнага ўзроўню, у іх ліку аркестр Марыінскага тэатра, Філарманічны аркестр Ніцы, «Віртуозы Масквы», Ліверпульскі Філарманічны аркестр; пад кіраўніцтвам такіх дырыжораў, як Уладзімір Співакоў, Валерый Гергіеў, Томас Зандэрлінг, Іён Марын, Уладзімір Юроўскі, Ёшыказу Фукумура.
У рамках еўрапейскага турнэ, якое адбудзецца са жніўня па снежань 2015 года, Іван Карызна і Кірыл Кедук выступяць у гарадах Галандыі, Англіі, Польшчы, Расіі і Беларусі. Іх канцэртны тур пачнецца ў Амстэрдаме ў легендарным Concertgebouw. Канцэрты ў Беларусі завершацца выступам 2 кастрычніка ў Мінску, у зале «Верхні горад». Увесь праект увянчаецца запісам дыска для лэйбла "Soupir" у Парыжы.
У праграме прагучаць Саната для віяланчэлі і фартэпіяна Дзмітрыя Шастаковіча, Італьянская Сюіта Ігара Стравінскага, а таксама віртуозныя творы рускіх класікаў розных гадоў.