Port Mone вярнуць "Альбом года" ў Беларусь
21 мая ў Мінску адбудзецца сольны канцэрт інструментальнага трыа Port Mone, чый дыск "Thou" ў сакавіку атрымаў галоўны прыз – "Альбом года" – на ўзнагародах Experty.by па галасах беларускіх і замежных крытыкаў.
Канцэрт адбудзецца пры падтрымцы інтэрнэт-правайдэра "Атлант Тэлекам" і стане своеасаблівым вяртаннем проекта на радзіму. Матэрыял альбома "Thou" быў створаны ў Беларусі, запісаны ў лесе пад Мінскам, пасля чаго распачаў міжнароднае падарожжа. Выданне адбылося на славацкім лэйбле Hevhetia, канцэртныя прэзентацыі праграмы паспяхова прайшлі ў Славакіі, Украіне, Польшчы, Швецыі. У Мінску паўнавартаснага выступа дагэтуль не было.
– Мы радыя, што дзякуючы гэтай узнагародзе ў нас атрымаецца даць вялікі сольны канцэрт у Беларусі. Мы граем інтэрнацыянальную музыку, але яе карані менавіта ў беларускіх краявідах і настроях, – адзначаюць музыкі гурта.
Інструментальнае трыа Port Mone было створана ў Мінску ў 2006 годзе. У яго склад уваходзяць Аляксей Варсоба (акардэон), Аляксей Ванчук (бас-гітара), Сяргей Краўчанка (перкусія). Іх музыка – гэта аповед пра пачуцці, эмоцыі і адчуванні.
"Thou" – трэці па ліку альбом Port Mone. Дэбютны дыск "Dip" (2009) быў выдадзены на расійскім лэйблэ "Геометрия". Другі альбом "Хмелева Project" (2012) – супольны праект з украінскім фолк-гуртом "ДахаБраха" – выйшаў на лэйбле "Наш формат" (Украіна). Абодва дыскі ў свае гады атрымалі "Прыз замежных экспертаў" на ўзнагародах Experty.by. Таксама ў 2013 году калектыў стварыў саўндтрэк да ўкраінскага нямога фільма "Хліб" (1929).